Сценарии → Купалле

Добавлено: 28.01.2011

КУПАЛЛЕ

(фанаграма “Спеў дубраў”)

В.1: Адным з найбольш яскравых, маляўнічых і паэтычных абрадаў у беларусаў было свята Купалле.
В.2: Купальскія традыцыі вельмі старажытныя: “Купала” узгадваецца яшчэ ў Цвярцкім летапісе 1175 года, а больш падрабязна свята апісваецца ў стара-беларускіх граматах 14-15 стагодддяў.
В.1: Абрад Купалля нашы продкі прымяркоўвалі да летняга сонцастаяння, гэта было свята ў гонар сонца і росквіту жыватворных сіл зямлі, у першую чаргу расліннасці.
В.2: Сустракаюць Купалу ў ноч з 6-га на 7-е ліпеня.
В.1: Свята мае свае характэрныя абрады, песні, гульні.
В.2: Адна з праяў веры ў незвычайнасць купальскай ночы – легенда пра цудадзейную папараць-кветку.
В.1: Яна зацвітае апоўначы ў лясным гушчары і на пошукі яе адпраўляюцца самыя смелыя.
В.2: Кветка мае цудадзейную сілу толькі тады, калі будзеш насіць яе ў надрэзе пад скурай правой далоні.
В.1: Ад гэтага часу ўсе клады, схаваныя ў зямлі, будуць падуладнымі гэтаму чалавеку.
В.2: Шлях да папараці перагароджваюць вядзьмаркі і нячыстая сіла.
В.1: Кветка не толькі адчыняе клады і прыносіць шчасце, але і дае магчымасць разумець мову дрэў, траў, птушак і звяроў.
В.2: У гэты дзень абавязкова збіраюць лекавыя травы. Яны лепш лечаць. Купальскія травяныя чаі дораць багатырскую сілу.
В.1: А пучкі купальскіх траў па-над дзвярыма абярагаюць ад нядобрых людзей.
В.2: Значнае месца ў купальскіх абрадах займае вогнішча: яму адводзіцца магічная сіла ачашчэння ад злых думак, хвароб і наветаў.
В.1: Калі чалавек глядзіць на купальскі касцёр, яго душа і цела лечацца. Таму раней да вогнішча прыносілі малых дзяцей, прыводзілі хворых, а здаровыя і маладыя паказвалі свой спрыт, скачучы праз агонь.
В.2: Купалле – легендарны, казачны сімвал нашай Беларусі, самая рамантычная ноч у годзе.
В.1: У купальскіх ночках, узяўшыся за рукі, нашы продкі вадзілі карагоды, спявалі песні, гулялі ў розныя гульні.
В.2: Гульня “Ручаёк”.
Удзельнікі становяцца парамі, бяруцца за рукі і падымаюць іх уверх, ствараючы русла ручая.
Вядучы бяжыць па гэтаму “руслу” і выбірае каго-небудзь з ігракоў сабе ў пару, бярэ яго за руку і яны становяцца ў канец ручая. Той ігрок, які застаўся адзін, бяжыць у пачатак ручая і таксама выбірае сабе пару.
(Фанаграма. “Песняры” – “Ой рана на Йвана”).

В.1: Я запрашаю двух хлопцаў і дзвюх дзяўчынак прыняць удзел у гульне “Прэла-гарэла”.
В.2: Мы захаваем у розных месцах салодкія пачастункі.
В.1: Заплюшчыце вочы!
В.2: Зараз мы хаваем нешта смачнае і кажам такія словы:
Прэла-гарэла, за мора ляцела.
А як прыляцела, дык дзесьці і села.
Хто першы знойдзе, той сабе возьме.
Пасля гэтых слоў ігракі могуць адкрыць вочы і пачать шукаць схаваныя пачастункі.

(Правядзенне гульні).

В.1: Неад’емная частка Купалля – песні.
В.2: Зараз нашы дзяўчынкі праспяваюць для вас “Купалінку”.

(Фанаграма “Купалінка”).

В.2: Дзякуй за ўдзел у нашым свяце.


Выкарыстаная літаратура

1. Беларускія народныя абрады. Складальнік Л.П. Касцюкавец. Мн.: Беларусь. – 1994.
2. Рыжкова Л. Купальскія карагоды. // Детская площадка. № 6., 2006.


2006 г. Кулік Л.Р., метадыст